Мініяцюры
Праект з′яўляецца вынікам натхнення тэкстамі аўтарства беларускага пісьменніка і паэта Сакрата Яновіча. «Мініяцюры», названыя «сакраткамі», гэта лірычныя мініяцюры ў прозе, лаканічныя па форме, напісаныя пры дапамозе старанна адабраных слоў з моцнай сэнсавай нагрузкай. Мэланхолія, інтымнасць, далікатнасць і бязмежны краявід. Сьціслыя рэфлексійныя словы былі запісаныя ў экперыментальнай, мінімалістычнай электра-акустычна-вакальнай манеры летам 2023 года. Канцэрт ў рамках DSW 2024 стаў прэмьернай прэзентацыяй альбому. Таксама, з аказіяй, адбылася і прэзентацыя музычнага выдавецтва. Дызайн вокладкі для альбому зрабіла польская мастачка беларускага паходжання Малгажата Дмітрук.
Ідэя «Мініяцюр»
Вясной 2017 года праект зрабіў чарговы крок наперад, калі адбылася пробная сесія ў рамках Фэстывалю «Unsound Dislocation: Minsk». Гледачы пабачылі новую праграму: музыку, што імкнецца да павольнага, цёмнага, авангарднага і, нават, джаз-нуар гучаньня, але, адначасова, падобную да майскіх ночаў, калі квітнее бэз і ўсё наіўна здаецца простым ды мажлівым.
Пасля другой прэм′еры праект меў доўгі перапынак. Пандэмія, крызіс ў Беларусі, вайна ва Ўкраіне змянілі мільёны траекторый і лёсаў, і не маглі не паўплываць на «Мініяцюры». Трыа «Парт Манэ» прыпыніла чыннасць, прахаджэнне межаў зрабілася занадта цяжкім, выжыванне і ўзаемная дапамога былі нашмат больш патрэбныя за творчасць. Але, нягледзячы ні на што, летам 2022, жаданьне давесці распачатую справу да канечнай формы зноў сабрала разам ўдзельнікаў праекту – на гэты раз ў іншым складзе: Міхал Яцашак, Юрэк Асеннік (Сенька) і Сяргей Краўчанка (SK.EIN), пад патранатам Дарыяна Младзяноўскага.
Праца над апошняй версіяй пачалася ў Сакрата, запісам водгаласаў старога дому пісьменніка. Механічныя гадзіньнікі, пішучыя машынкі, масьніцы, партсігары з білетамі на беластоцкія аўтобусы, пячныя дзьверцы, акардэон суседа і, нават, шамаценьне лісця ў садзе пісьменьніка – ўсё было запісана, каб стаць часам і прасторай, тэкстурай будучых «Мініяцюр». Трохі пазьней, падчас пражываньня на ўскраіне Белавежскай Пушчы, ўсе элементы шматгадовага шляху былі сабраныя ў імпрэсіяністычны аудыя-тэкстуальны вобраз. Салодкімі дзічкамі, рэхам ў лесе, марнеючым язьмінам – сабраныя гукі і пачуцці ўглядаліся адно ў адно, рассыпаліся і ляцелі, плавіліся і зменьвалі формы. Тэксты Яновіча то, як дзіця, выслізгвалі ў адчыненае акно, то ўрываліся да музыкі надмагільнымі надпісамі, ствараючы шматузроўневую структуру «Мініяцюр» – прысьвечаных жывым і памерлым. Прысьвечаных Сакрату Яновічу, Беларусам і Палякам. Прысьвечаных мінуламу, асьвячонаму жнівеньскім сонцам і будучаму, ў цяжкім ценю вайны.
Кожная частка гэтага прысьвячэння нагадвае фіранкі ў вокнах старых хат, з-за якіх нібыта хтось з надзеяй выглядае на дарогу. Ведае, што нішто не вернецца і ніхто не прыйдзе, але, нягледзячы ні на што, не перастае ўглядвацца.